Движение
Мероприятия
Новости
Библиотека
Ярмарка
Общение

Родовые поместья и экопоселения Беларусь статистика ecoby.info
По любым вопросам пишите на почту info@ecoby.info

Вход

:

:

Запомнить

Белорусский рейтинг MyMinsk.comКаталог TUT.BY
RATING ALL.BYRambler's Top100
Экодомпроект. Экодома с нулевым энергопотреблением
Яндекс.Метрика

Трохі пра родную мову

Дата
2013-12-26
Автор
Ратмир
Просмотров
1944
Тип
у нас

Мова – гэта практыка, і нашыя практыкі робяць нас такімі, якімі мы ёсьць: мяняюць наш характар і ўплываюць на нашую прадукцыйнасьць. Каб максымізаваць сваю прадукцыйнасьць і моцныя бакі, трэба гаварыць на мове сваіх продкаў. Хоць час ад часу.

Мы тое, што мы кажам

Мова ствараецца нашым фізычным целам. Калі мы гаворым, мы ствараем ваганні навакольнага асяроддзя. Мы гучым, мы граем сваю музыку. Іншыя людзі разумеюць гэтую музыку, нават ня ведаючы значэньняў словаў.

Вядомы экспэрымэнт “кіка-буба”: гукі нясуць значэньне.

 

 

Рацыянальнае значэньне гукаў лёгка паказаць знакамітым экспэрымэнтам “кіка-буба”: людзей прасілі абазначыць кожную зь фігураў на малюнку вышэй або словам “кіка”, або “буба”. Большасьць абазначыла словам “кіка” фігуру зьлева, а словам “буба” – фігуру зправа. Мы “разумеем” гукі, нават калі ня ведаем значэньня словаў ці сказаў.

Эмацыйнае значэньне гукаў адчуваецца імгненна. Прыкладам, большасьць людзей успрымае галосныя гукі як болей прыемныя за зычныя.

Людзі па ўсім сьвеце разумеюць гукі падобным чынам. Няважна дзе – у Эгіпце, Францыі або на Філіпінах – многія б зьдзівіліся, калі б сустрэлі дзяўчынку зь іменем Фордэртор, або маленькую казюрку з назвай Бабабуба, або гіганцкую гару Сікісі, або пачулі калыханку са словамі “тумпа-бумпа”.

Падобна і з Вашай мовай: калі яна гучыць як “тумпа-бумпа” або “сікісі”, людзі ўспрымаюць Вас адпаведным чынам.

Мовы “апісваюць” нас рознымі

Адзін з падыходаў, каб зразумець найбольш “бачныя” характарыстыкі ў розных мовах – гэта меркаваць па сама частых гуках. Мапы ніжэй рэпрэзэнтуюць найбольш частыя гукі некаторых эўрапейскіх моваў.

 

 

Сама часты гук мовы (да 1/5 ад усяго гучаньня, у сярэднім 13%). Колеры выбраныя паводле найбольш частых асацыяцыяў гук-колер: [a] (чырвоны), [i] (шэры) або [e] (жоўты). 

 

 

Тры самыя частыя гукі. У сярэднім, на іх прыходзіцца 37% гучаньня пэўнае мовы. Колеры збольшага яркія, бо сама частыя гукі звычайна галосныя, і яны асацыююцца зь ярчэйшымі колерамі.

 

 

Далейшыя сем самых частых гукаў. Яны разам адпавядаюць 39% гучаньня. Колеры цямнейшыя, бо гэта звычайна зычныя гукі. 

Як бачна, нашыя мовы “апісваюць” нас як вельмі розных людзей. Вось кароткая вытрымка таго, што найчасьцейшыя гукі моваў распавядаюць пра іхніх носьбітаў:

 

EN

Ангельская

(вельмі) стрыманы, традыцыйны, збалянсаваны

Беларуская мова –
сама сэксуальная ў Эўропе.

Гук [a] ў нашай мове адметна пашыраны: на яго прыходзіцца каля 1/5 гучаньня.

Гэты гук асацыюецца з каханьнем, сэксам, крывёю, палкасьцю, рамантыкай.

Такое моцнае дамінаваньне гука [a] сярод эўрапейскіх моваў сустракаецца толькі ў беларускай. Таму можна зрабіць выснову, што тых, хто гаворыць на беларускай, успрымаюць як больш палкіх і сэксуальных (у параўнаньні з носьбітамі іншых эўрапейскіх моваў).

AR

Арабская

традыцыйны, энэргічны, верны

BE

Беларуская

(вельмі) палкі, сьмелы, разумны

ES

Гішпанская

палкі, творчы, сяброўскі

IT

Італійская

энэргічны, просты, вясёлы

LV

Латышская

(вельмі) сьмелы, гарманічны, верны

LT

Летувіская

стрыманы, традыцыйны, асьцярожны

DE

Нямецкая

(вельмі) энэргічны, канцэнтраваны, дакладны

PL

Польская

(вельмі) моцны, свойскі, палкі

RU

Расейская

(вельмі) стрыманы, агрэсіўны, даверлівы

FR

Француская

адчувальны, гарманічны, творчы

CZ

Чэская

просты, гарманічны, традыцыйны

SE

Швэдзкая

вясёлы, энтузіястычны, сяброўскі

UA

Украінская

(вельмі) стрыманы, рамантычны, гарманічны

JP

Японская

палкі, стрыманы, разумны

 

Жыхарам Беларусі будзе цікава, як яшчэ адрозьніваюцца менавіта беларуская і расейская мовы. Яшчэ адно важнае адрозьненьне: беларуская мова карацейшая за расейскую. Кароткасьць мовы – вельмі важная характарыстыка ў камунікацыі. Чым карацейшая мова, тым болей думак мы перадаем ёю за аднолькавы час (ці ў аднолькавым аб’ёме тэксту), тым хутчэй вядуцца справы, навучаньне, супольная праца, вайсковыя дзеяньні і г. д.

Сярэдняя даўжыня слова ў беларускай мове – каля 6 знакаў, у расейскай – каля 7 знакаў. Акрамя гэтага, расейскай мове (асабліва пісьмовай) ўласьцівыя даўжэзныя “канцылярскія” канструкцыі. Яны меней уласьцівыя беларускай мове, якая жывіцца з гутарковай, як і большасьць славянскіх. Такія канструкцыі яшчэ болей расьцягваюць сказы і ў крайніх выпадках могуць павялічваць даўжыню тэксту ў паўтары-два разы. Яскравы прыклад зь перакладніцкай практыкі:

 

На расейскай:

Запрещается использовать в качестве пищи.

На беларускай:

Ня есьці.


Калі Вы размаўляеце на мове сваіх продкаў, Вашыя гены дапамагаюць Вам быць больш прадукцыйнымі

Калі Вы гаворыце на мове доўга, яна зьмяняе Вас больш. Натуральна, што ўсякая сталая дзейнасьць стварае нас. Нашае цела (і нашая разумовая частка) становіцца больш прыдатным для гэтай дзейнасьці. Калі Вы бегаеце доўга, Вы становіцеся добрым бегуном, калі Вы практыкуецеся ў плаванні, становіцеся добрым плыўцом.

Большасьць моваў “практыкавалі” стагоддзямі. Нашыя продкі разьвіваліся, эвалюцыянавалі разам з сваёй мовай: антрапамэтрычныя парамэтры, у тым ліку  артыкуляцыйны апарат, тып нэрвовай сыстэмы і г.д. Гэтыя характарыстыкі перадаюцца нам генэтычна. Аднак мова перадаецца нам сацыяльна. Менавіта асаблівасьці будовы артыкуляцыйнага апарату – адна з прычынаў, чаму людзям цяжка гаварыць на замежнай мове без акцэнту.

Выснова відавочная: калі Вы размаўляеце на мове сваіх продкаў, Вы выйграяце ад свайго генэтычнага багажу, узмацняеце свае прыроджаныя магчымасьці. Калі Вы мяняеце мову, Вы сутыкаецеся з пэўнымі складанасьцямі – як асоба, якая нарадзілася ў адным клімаце, але пражывае ў іншым.

Тое самае мусіць быць справядлівым і да слуханьня мовы. Людзі часта лічаць “прыемным” слухаць сваю родную мову, нават калі яны на ёй не размаўляюць. Адначасна многія лічаць, што іх “раздражняе” доўга слухаць замежную гаворку. Гэта можа быць адной з прычынаў, чаму сьпевы на мясцовай мове пасьпяхова канкуруюць з сусьветнымі “мэгагітамі” на адпаведным мясцовым рынку.

Вучоныя мусяць дасьледаваць гэтае пытаньне глыбей, але лёгіка падказвае, што разумовая і фізычная прадукцыйнасьць, і нават здароўе зазнаюць уплыў, калі чалавек пераходзіць на няродную мову. Калі мы бачым пагаршэньні ў дзяцей, якіх зь левай рукі перавучваюць на правую, падобныя эфэкты могуць быць выкліканыя і пераходам з адной мовы на другую.

Прыкладам, аўстралійскія дасьледаваньні людзей мясцовых народнасьцяў паказалі, што хто зь іх перайшоў на ангельскую мову, той меў ніжэйшыя вынікі ў адукацыі ў параўнаньні з тымі, хто заставаўся на сваёй мове. Першыя (хто перайшоў на чужую мову) спажывалі болей алкаголю, сярод іх часьцей сустракаліся наркаманы, і яны часьцей станавіліся ахвярамі жорсткага абыходжаньня ў параўнаньні з другой групай.

Іншае дасьледаваньне паказала, што людзі, якія гавораць на роднай мове, адчуваюць сябе больш упэўненымі і маюць лепшае здароўе. Ровень самагубства сярод іх ніжэйшы ў параўнаньні зь людзьмі, якія не гавораць на мове сваіх продкаў.

Важнасьць упэўненасьці ўвогуле цяжка пераацаніць: яна грае вырашальную ролю ў нашым жыцьці. Калі Вы ўпэўненыя, Вы дасягаеце посьпеху, у Вас меншая рызыка стаць ахвярай (ва ўсіх сэнсах). Калі людзі страчваюць сваю родную мову і, адпаведна, частку самаўпэўненасьці, гэта робіць іх больш уразьлівымі да такіх рызыкаў, як алкаголь, самагубствы, жорсткае абыходжаньне і г.д. Ёсьць шмат прыкладаў, калі выміраньне культуры і, адпаведна, ейных людзей ішло паралельна са злоўжываньнем алкаголю.

Што ўскладняе пытаньне – гэта тое, што зьмена мовы можа адбыцца не ў Вашым пакаленьні. Аднак генэтычная спадчына праз гэта не зьнікае. Магчыма, фізычная (ці генэтычная) прыдатнасьць культуры і мовы продкаў ёсьць прычынай, напрыклад, чаму нават другое ці трэцяе пакаленьне мігрантаў жадае ведаць мову сваіх дзядоў.

Ці маем мы выбар у сёньняшнім глябалізаваным сьвеце?

Найлепшы выбар – гэта не дзяліць мовы на “белыя” ці “чорныя”, а замест гэтага карыстацца імі ўсімі. Ёсьць багата дасьледаваньняў, якія паказваюць, што шматмоўныя людзі атрымоўваюць вышэйшыя адзнакі пад час навучаньня, іхні мозг даўжэй не старэе і яны іншым чынам выйграюць ад шматмоўя перад аднамоўнымі. Такім чынам, здарова жыць – гэта ўсе свае мовы “насіць з сабой”, і адна зь іх абавязкова мусіць быць дзядоўская.

Паколькі мова – гэта практыка, Вы захоўваеце яе тады, калі рэгулярна на ёй гаворыце. Для моваў з малой колькасьцю носьбітаў такім асяроддзем можа быць сям’я або сябры ў інтэрнэце. 

“Навошта вучыць родную мову?” – гавораць многія гультаі. – “Нам хапае расейскай”. У такім разе можна параіць ім засяродзіцца на кітайскай і ангельскай: паводле некаторых прагнозаў ужо ў 2030-2035 гг. больш за палову насельніцтва Зямлі зможа гаварыць на адной з гэтых дзвюх моваў, і расейскай да іх будзе далёка.

“Нам расейскай дастаткова” - гэта падобна на тое, як глядзець на сьвет праз аднаколернае шкло і бачыць толькі адзін колер. Нібыта мова нам патрэбная толькі, каб атрымаць чарку і шкварку. У гэтым рэчышчы гультаям варта выбіраць у сябры толькі тых, хто дапаможа ім здабыць лепшы аўтамабіль ці кватэру. Цікава ведаць, што нават у Брытаніі цяпер часта гучаць галасы, што з прычыны слабога веданьня іншых моваў (у тым ліку спрадвечных – гэльскай, ірляндзкай, валійскай), страчвае і іхная эканоміка, і культура, і палітыка – страчвае будучыня.

Мова нам патрэбная ня толькі, каб зарабіць як мага болей “баксаў”: мова – гэта дачыненні між людзьмі. Яна зьмяшчае розныя аспэкты нашай культуры, нашыя погляды і вераваньні, наш характар, наш гумар. Нашая мова – гэта нашае ўсё.

Нэльсан Мандэла калісь сказаў: “Калі гаварыць з чалавекам на мове, якую ён разумее, гэта ідзе да ягонай галавы, але калі гаварыць на ягонай мове – гэта ідзе да ягонага сэрца”. Таму клапаціцеся пра сардэчнае здароўе – сваё і сваіх супляменьнікаў.

Аўтар дзякуе шматлікім сябрам за разнастайную дапамогу ў падрыхтоўцы артыкулу, у прыватнасьці Натальлі Яненцы, Ірыне Арцюх, Натальлі Цішкевіч, Марыі Макаравай, Элеаноры Дыёкене, Раману Яніву і Сяргею Петэка за дапамогу ў зборы статыстычных зьвестак.

Аляксей Нарэйка, дырэктар кампаніі "Праўны пераклад"
Крыніца: http://reporter.tut.by/reporterallnews/714.html




Вернуться