Движение
Мероприятия
Новости
Библиотека
Ярмарка
Общение

Родовые поместья и экопоселения Беларусь статистика ecoby.info
По любым вопросам пишите на почту info@ecoby.info

Вход

:

:

Запомнить

Белорусский рейтинг MyMinsk.comКаталог TUT.BY
RATING ALL.BYRambler's Top100
Экодомпроект. Экодома с нулевым энергопотреблением
Яндекс.Метрика

Людзі на балоце. Альманы

Дата
2012-12-01
Автор
Ратмир
Просмотров
3655
Тип
у нас

Тут балота — нібы акіян, а журавінаў — мора. Альманы — апошняя беларуская вёска побач з украінскай мяжой і амаль што ўскраек цывілізацыі: адразу за вёскай пачынаецца дрыгва. Зрэшты, на «суседства» з багнай ніхто не скардзіцца: людзі тут жывуць з балота. Галоўная крыніца прыбытку ў гэтых мясцінах — збор журавінаў. Іншых заробкаў у Альманах амаль што няма. Праца цяжкая: вяскоўцы цягнуць балатамі да трыццаці-сарака кілаграмаў ягад — менавіта столькі можна назбіраць за дзень. Як жывуць людзі на Альманскіх балотах? Колькі можна зарабіць на журавінах? Ці лёгка існаваць удалечыні ад сталіцы і цывілізацыі?

У пошуках архаікі ў вёску Альманы Столінскага раёну, што стаіць на ўскраіне найбуйнейшага ў Эўропе балота, польскія этнографы прыяжджаюць не ўпершыню. У 30-х гадах мінулага стагодзьдзя тут працаваў выбітны дасьледчык Палесься Юзаф Абрэмбскі, у 90-х — Ганна Энгелькінг, летась і сёлета туды прыяжджала Ягна Кнітэль, этнограф і рэжысэр, у мінулым супрацоўнік «Газэты выборчай». Ягна паказала вёску самым сучасным спосабам — праз дакумэнтальны фільм, у яскравай мазаіцы архаікі і сучасных інавацыяў. Пабудаваны вакол традыцыйнага збору балотных журавінаў жыхарамі Альманаў сюжэт фільму заводзіць на Сьвятое і Праклятае азёры, раскрывае паданьні пра прыход Божай Маці, пра русалак і зьмей... Тутэйшыя людзі асвоілі балоты як сваю жыцьцёвую прастору і, як сьведчыць этнограф Ягна Кнітэль, маюць гэтулькі ж азначэньняў для багны, як эскімосы — для сьнегу.

Ягна Кнітэль закаханая ў Палессе больш за 10 гадоў. За гэты час этнограф і яе паплечнікі — навукоўцы з Польшчы, Беларусі і Украіны ў межах праекту, які мае доўгую назву “Галасы Еўропы. Традыцыйныя песні Палесся ў сучаснай культуры” зладзілі шэраг сумесных экспедыцый на паўднёвы захад Беларусі. Вынікам апошніх з іх і стаў фільм “Альманы” а таксама спектакль “Песні Палесся — Беларусь”.

“Няма прарокаў у сваёй айчыне, — кажа музыка і даследчык фальклору Васіль Грынь. — Нацыянальная рыса беларуса — гэта яго нацыянальны комплекс, калі чалавек саромеецца сказаць, што ён з вёскі, ці яго бацькі з вёскі, ці дзед з бабай. І вось жыхар Беларусі з гэтага камплексуе, а жыхар Польшчы — высокаадукаваны і прызнаны ў свеце гэтым цікавіцца, і для яго гэта каштоўна. Дык можа быць, гэты прарок з Захаду, з-за мяжы і дапаможа нам усё ж такі паглядзець на саміх сябе. Што мы вартыя, і што наша культура прыцягвае ўвагу еўрапейскую”.

3 лістапада 2012 года ў актавай зале корпуса «Б» Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылася прэзентацыя дакументальнага фільма «Альманы» і канцэртнай праграмы «Песні з Палесся – Беларусь» у выкананні вакальнай групы «Z LASU» (Польшча). Фільм і канцэртная праграма былі падрыхтаваны ў рамках праекту «Галасы Еўропы. Традыцыйныя песні Палесся ў сучаснай культуры – польска-беларуска-украінскае культурнае супрацоўніцтва», рэалізаванага таварыствам «Панарама культур» (Польшча). Партнёрамі і ўдзельнікамі праекту сталі этнографы, этнамузыколагі і фалькларысты з Польшчы, Беларусі і Украіны.

Прэзентацыя дакументальнага фільма «Альманы»

Здымкі дакументальнага фільма праходзілі ў вёсцы Альманы Столінскага р-на Брэсцкай вобласці падчас этнаграфічных экспедыцый 2011–2012гг. Аўтарам праекту і рэжысёрам фільма з’яўляецца польскі культуролаг Ягна Кнітэль, якая ўжо больш за 10 год вывучае архаічную спеўную культуру Палесся. Вёска Альманы, размешчаная на ўскрайку самага вялікага ў Еўропе балотнага масіва, доўгі час знаходзілася ў адноснай ізаляцыі і захавала нямала архаічных рыс культуры, што прыцягвала ўвагу даследчыкаў яшчэ ў пачатку ХХ ст. У прыватнасці, у 20-30 гг. ХХ ст. у Альманах праводзіў свае сацыялагічныя даследаванні сусветна вядомы польскі этнограф і сацыёлаг Ёзэф Абрэмбскі.

Палескія песні, запісаныя ў экспедыцыях 2011–2012гг., леглі ў аснову вакальна-театралізаванай пастаноўкі, падрыхтаванай пад кіраўніцтвам выкладчыцы кафедры айчынннай і ўсеагульнай гісторыі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Вольгі Антонаўны Емяльянчык сумесна з польскім рэжысёрам Пшемыславам Веселковскім. Пастаноўка, у якой прынялі ўдзел студэнты і прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі з Польшчы, з поспехам была прадстаўлена ў тэатры Ежы Гратоўскага ва Вроцлаве, у Тэатральным Інстытуце ў Варшаве, у Музеі Падляшша ў Беластоку (Польша). У пачатку лістапада адбудзецца прэзентацыі фільма і канцэртнай праграмы ў Мінску.

Прэзентацыя дакументальнага фільма «Альманы»

А яшчэ ў фільме гучаць песьні — вельмі архаічныя, але дасюль жывыя сярод мясцовых кабет і мужчын. З фальклёрных запісаў і фільму Ягні Кнітэль яны перайшлі на сцэну, ажылі ў выступе варшаўскіх дзяўчат і кабет, якія аб’ядналіся ў самадзейны гурт «Зь лесу».



Усе гэтыя польскія дзяўчаты любяць народныя песьні, украінскія і беларускія. Старэйшая ўдзельніца гурту сьпявае іх ужо 12 гадоў, распавядае Ягна Кнітэль:

«Я запрасіла ў гэты праект людзей, якіх ведаю і люблю. Я ведаю, што яны цікавяцца, што яны энтузіясты, што яны добра сьпяваюць. Запрасіла таксама асобаў, якія сьпяваюць у іншых гуртах. А назва гурту „Зь лесу“ канкрэтна адносіцца да Палесься».

Спадарыня Кнітэль шмат працавала ва Ўкраіне. Да беларускай тэрыторыі далучылася пасьля таго, як выйграла конкурс МЗС Польшчы ў рамках праекту «Супольнае польска-беларускае дзеяньне».


«Беларусь была для нас такім таямнічым месцам, вельмі жаданым. Нам было вельмі цікава. Хоць мы баяліся, бо ўвогуле супрацоўнічаць зь Беларусьсю складана, бо трэба мець візы, і нікога тут мы ня ведалі. А на Ўкраіне маем сяброў, там ужо ў некалькіх вёсках нас усе ведаюць».

Аднак Ягна Кнітэль знайшла падтрымку і ў беларускіх вёсках, і сярод беларускіх навукоўцаў. Асаблівы сантымэнт у спадарыні Кнітэль — да Альманаў. Пасьля менскай прэм’еры фільму яна зноў зьбіраецца ў гэтую вёску.

«Усё, што мы робім, не залежыць ад ніякіх устаноў. Нават на паездкі ніколі мы не прасілі ні ў кога грошай. Ніхто б нам іх і ня даў, бо гэта наш уласны інтарэс. Дапамога прыйшла, толькі калі МЗС Польшчы абвясьціў праект «Супольнае польска-беларускае дзеяньне».

Беларуская публіка авацыямі сустрэла і выступ варшаўскага гурту «Зь лесу» з палескімі песьнямі, і фільм спадарыні Кнітэль «Альманы».

“Спачатку мяне захапіла само гучанне гэтых песень — той незвычайны гук, моц гучання, — распавядае ўдзельніца гурта Z lasu і сябра здымачнай групы Манюха Біконт. — Калі глядзела на тых людзей, якія гэта спяваюць, на іх выразы твараў, рухі цела — падабалася мне гэта эстэтычна. Але калі ўжо пачала ездзіць на вёску, то тыя ўсе песні набылі новыя значэнні. Можна лепш зразумець тую рэчаіснасць, пазнаёміцца з тымі людзьмі, для каторых кожная гісторыя — рэальная гісторыя. Тыя словы пачынаюць інакш гучаць, гук пачынае мець іншае значэнне. Мяркую, што я яшчэ да канца іх не зразумела. Знаходжуся на пэўным этапе іх разумення, якое будзе змяняцца”.

Гаворыць мастацтвазнаўца зь Менску Вольга Лабачэўская:

«Мне гэта падабаецца, таму што гэта вельмі натуральна. Гэта жыцьцё людзей, і камэра нам дазваляе як бы наблізіцца да гэтага жыцьця, якое далёка».

Ягна Кнітэль хоча даслаць свой фільм пра Альманы на розныя фэстывалі і прапанаваць тэлеканалам, у тымі ліку беларускім. І спадзяецца на новыя экспэдыцыі на Палесьсе, новыя фільмы і публікацыі.

Публіка, якая прыйшла на прэм’еру фільма і спектаклю вельмі цёпла адгукалася пра працу палякаў. Маўляў, усё зроблена вельмі далікатна і з вялікай павагай да простых людзей, пра якіх распавядаецца ў стужцы Кнітэль. Да таго ж, фільм — прыклад сучаснай еўрапейскай этнаграфічнай дакументалістыкі, якія нашы этнографы па шэрагу прычын пакуль не здымаюць. Праўда, сцвярджае прафесар Энгельс Дарашэвіч, у нас ёсць не горшыя фільмы. Мы проста пра іх забыліся.

Энгельс Дарашэвіч: “У Зінаіды Мажэйкі, як я ведаю, ёсць цікавыя фільмы. Але іх лёс вельмі складаны. Яны былі прададзеныя немцам на 20 гадоў. І толькі цяпер яны знялі гэты тэрмін. Гэтыя фільмы — уласнасць Мажэйкі. І трэба іх некаму набыць. Калі знойдзецца такі чалавек, які купіць, то ў нас будуць свае фільмы і пра Палессе і не горшыя”.

Прафесар Аляксей Рагуля апладзіраваў спявачка стаячы

У рамках праекту на аснове матэрыялаў, запісаных падчас этнаграфічных экспедыцый 2011–2012 гг. у Пінскім і Столінскім раёнах, быў створаны дыск DVD з дакументальным фільмам, фотаздымкамі і песнямі з гэтых раёнаў.

У фільме "Альманы" суіснуюць сучаснасць і архаіка. На беразе возера стаяць крыжы, а ў возеры водзяцца дзіўныя крылатыя рыбы. Героі распавядаюць паданні пра Божую Маці і пра русалак. Збіраюць журавіны і спяваюць. Праўда, кажуць, цяпер людзі мала спяваюць - няма нагоды. Адзіная нагода - прыезд палякаў. Можна сабрацца ды і паспяваць.

Апроч фільма “Альманы” мінчукам быў прэзентаваны мультымедыйны дыск “Палессе – на ўскрайку багнаў”. Праект падтрымаў польскі МЗС і рэалізаваўся ў 2011-2012 гадах. У планах праекту - экспедыцыі па Пінскаму, Іванаўскаму, Кобрынскаму раёнам. Дарэчы, Ягна Кнітэль спадзяецца, што фільм зацікавіць Беларускае тэлебачанне. Рэжысёрка будзе шчаслівая, калі стужку ўбачыць як мага больш беларусаў.


http://nn.by/?c=ar&i=83098

http://euroradio.fm/report/palyaki-znyali-film-pra-stolinskiya-bagny-i-zaspyavali-paleskiya-pesni-122234




Вернуться